СЛУ́ЦКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,

установа ордэна езуітаў у Слуцку ў 1689—1773. У 1689—1704 місія, у 1704—15 рэзідэнцыя, у 1715—73 калегіум. У 1692 віцебскі падчашы Ян Слонскі і яго жонка Кацярына адпісалі езуітам двор у Слуцку і 2 вёскі. Першыя драўляныя будынкі місіі і рэзідэнцыі месціліся ў гар. раёне Падвалле. У 1715 у раёне Зарэчча пабудаваны драўляныя корпус калегіума і касцёл св. Тройцы — 8-гранны ў плане храм з купалам у цэнтры і 4 вежамі па вуглах; стары корпус рэзідэнцыі ў Падваллі перароблены ў канвікт (інтэрнат). У 1698 тут адкрыта школа граматыкі, у 1702 — паэтыкі, у 1704 — рыторыкі. Пры калегіуме існавалі муз. бурса (з 1713) і аптэка (з 1762). У б-цы меліся каштоўныя старадрукі і рукапісы, пасля скасавання калегіума з яго б-кі 2200 тамоў перададзены ў б-ку Віленскага ун-та. У 1773 калегіум скасаваны. У 1804 касцёл і ўсе пабудовы калегіума знішчаны пажарам.

т. 15, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)